Тэма 2. Тэарэтычна-метадалагічныя асновы даследавання літаратурна-мастацкіх онімаў

 

У сучаснай анамастыцы адным з прыярытэтных ракурсаў разгляду і вывучэння анамастычнай лексікі з’яўляецца літаратурная анамастыка (онамапаэтыка, паэтычная анамастыка), засяроджаная на лінгвістычным аспекце вывучэння спецыфікі анамастычных адзінак і заканамернасцяў іх функцыянавання ў мастацкім тэксце. Пры гэтым прадметам паэтычнай анамастыкі з’яўляюцца “не проста ўласныя імёны, а іх спецыфічная трансфармацыя – паэтонімы – імёны ў літаратурных творах, у мастацкім маўленні, а не ў мове” [62, с. 81].

Нягледзячы на станаўленне літаратурнай (паэтычнай) анамастыкі як галіны мовазнаўства, яе тэрміналогія дагэтуль не акрэслілася. Розныя вучоныя ў найменне дысцыпліны ўводзяць тыя азначэнні, якія адлюстроўваюць іх разуменне  спецыфікі прадмета і метадаў даследавання. Так, К. Б. Зайцава, якая лічыла, што паэтычная анамастыка – гэта дысцыпліна лінгвістычная і прэрагатыва стылістыкі, адстойвала правамернасць азначэння стылістычная анамастыка [55, с. 30].

Тыя, хто вывучаў функцыянаванне імёнаў уласных выключна ў межах мастацкай літаратуры, прапаноўвалі выкарыстоўваць азначэнне літаратурная анамастыка [2, с. 159]. На думку В. М. Калінкіна, істотным недахопам азначэння літаратурная (анамастыка) з’яўляецца тое, што яно адносіцца не да навукі, а да яе аб’екта [61, с. 7].

У шэрагу прац (А. Ф. Рогалеў, В. Г. Гарбачова, І. М. Петрачкова) пераважае тэрмін паэтычная анамастыка, таму што ён, на погляд навукоўцаў, найбольш поўна абазначае галіну славеснай мастацкай творчасці, дзе выкарыстоўваюцца імёны ўласныя. Гэтая галіна павінна ахопліваць не толькі літаратурныя (аўтарскія), але і фальклорныя творы. “Паэтычнай анамастыкай называецца раздзел анамастыкі, які вывучае ў розных аспектах любыя імёны ўласныя (паэтонімы) у мастацкіх тэкстах. Варыянтам тэрміна паэтычная анамастыка з’яўляецца тэрмін онамапаэтыка” [36, с. 21].

Сутнасць мастацкай творчасці заключаецца ў вобразным адлюстраванні рэчаіснасці. Яго асноўная функцыя – эстэтычнае ўздзеянне. І літаратура, і фальклор, маючы якасныя адрозненні ў паэтыцы, мастацкія ў сваёй аснове. Нягледзячы на розны характар анамастычнай сістэмы (індывідуальна-аўтарскі і калектыўна-аўтарскі), літаратурныя і фальклорныя імёны ўласныя раўнапраўна функцыянуюць у адзінай па сваёй сутнасці мастацкай анамастычнай прасторы. Вось чаму аб’ектам вывучэння ў паэтычнай анамастыцы, акрамя літаратурных онімаў, павінны быць таксама імёны ўласныя, якія функцыянуюць у фальклорных тэкстах.

Аднак не ўсе даследчыкі лічаць азначэнне паэтычная анамастыка апраўданым. На думку В. М. Калінкіна, тэрмін паэтычная анамастыка збліжаецца з паняццем “паэзія” і, значыць, звужае аб’ект даследавання. Для больш дакладнага адлюстравання кола аналізуемых праблем і метадаў В. М. Калінкін замяняе азначэнне-прыметнік у назве дысцыпліны на назоўнік і прапануе назваць дысцыпліну, якая вывучае імёны ўласныя ў мастацкім творы, паэтыкай оніма, падкрэсліваючы тым самым устаноўку на даследаванне паэтыкі імені ўласнага [62, с. 73].

Шэраг аўтараў, у прыватнасці В. Г. Гарбачова, не падзяляюць падобнай трактоўкі тэрміна паэтычная анамастыка, таму што данае азначэнне (паэтычная) аднолькава звязана як з паняццем “паэзія”, так і з паняццем “паэтыка”. В. Г. Гарбачова адзначае: “Не трэба разумець тэрмін паэзія ў вузкім значэнні – толькі як адзін з родаў літаратуры. Азначэнне паэтычны ўжывальнае ў дачыненні да ўсёй мастацкай творчасці, а паэзія ў шырокім значэнні – гэта ўвогуле слоўнае мастацтва. Значыць, у такім кантэксце азначэнне паэтычны сінанімічнае паняццю мастацкі. Але ў першую чаргу ў гэтым азначэнні выдавочная сувязь з паняццямі «паэтыка» і «паэтонім»” [36, с. 22].

Паэтыка – “раздзел тэорыі літаратуры, які вывучае будову мастацкіх твораў і сістэму іх эстэтычных сродкаў”, а таксама “сістэма мастацкіх прынцыпаў і асаблівасцяў якога-небудзь паэта, пісьменніка ці літаратурнай школы” [125, с. 951]. Можна гаварыць і аб паэтыцы оніма, г. зн. аб прынцыпах аўтарскага адбору і правілах стварэння імёнаў уласных, аб заканамернасцях іх функцыянавання ў мастацкіх тэкстах. Паэтыку оніма можа разглядаць, на думку В. Г. Гарбачовай, як узаемадзеянне паэтонімаў у мастацкім тэксце з рознымі лексічнымі адзінкамі тэксту і паміж сабой, ролю онімаў у стварэнні вобразнасці. Такім чынам, можна канстатаваць, што азначэнне паэтычная (анамастыка) у аднолькавай меры абазначае аб’ект даследавання (імёны ўласныя ў мастацкім творы) і падыход у яго вывучэнні (паэтыка оніма) [36, с. 22].

Аднак тэрмін літаратурная анамастыка найбольш ужывальны
[66–68; 138; 163; 185]. Менавіта яго выкарыстанне многія навукоўцы лічаць найбольш мэтазгодным, паколькі гэты тэрмін указвае на ўжыванне оніма іменна ў мастацкім творы. Акрамя таго, тэрмін не абмяжоўвае імя ўласнае выкананнем якой-небудзь адной функцыі (як, напрыклад, тэрмін стылістычная анамастыка), не з’яўляецца двухсэнсоўным і не патрабуе разгорнутых тэрміналагічных тлумачэнняў (як тэрмін паэтычная анамастыка). Тэрмін паэтыка оніма не адпавядае пераважна лінгвістычнай накіраванасці дысцыпліны. Гэты тэрмін пераважае ў даследчыкаў, якія разглядаюць літаратурныя онімы галоўным чынам у сферы літаратуразнаўчай праблематыкі. Пацверджанне гэтага – той факт, што тэрмін паэтыка не адзначаецца ў слоўніках лінгвістычных тэрмінаў, затое прадстаўлены ў слоўніках і даведніках літаратуразнаўчай накіраванасці, у якіх паэтыка трактуецца як дысцыпліна літаратуразнаўства.

У наш час вывучэнне ролі ўласных імён у мастацкіх тэкстах ажыццяўляецца не толькі ў рэчышчы філалагічных дысцыплін, але і на фоне шырокіх міждысцыплінарных сувязяў. Падобны падыход да вывучаемага матэрыялу адпавядае сутнасці імён уласных, якая пастулюецца ў тэарэтычных працах па анамастыцы (імя ўласнае – факт спецыяльнай лексікі, якая знаходзіцца ў апазіцыі да апелятываў). Лінгвістычны ў сваёй аснове падыход да імёнаў уласных з непазбежнасцю патрабуе прыцягнення этнаграфічнага, гістарычнага, геаграфічнага, сацыялінгвістычнага, літаратуразнаўчага, міфалагічнага, філасофскага, псіхалагічнага і іншых кампанентаў.

Літаратурная анамастыка даследуе адлюстраванне элементаў рэальнай і выдуманай анамастыкі (іх сукупнасць складае анамастыкон мастацкага тэксту) на аснове іх індывідуальнага пераламлення і выкарыстання ў створаным пісьменнікам тэксце, элементам якога з’яўляюцца імёны ўласныя.

Тэарэтычнае апісанне прадметаў і метадаў у літаратурнай анамастыцы распрацоўвалася многімі сур’ёзнымі вучонымі, але неабходна адзначыць, што большасць даследаванняў, высноў і заключэнняў адносяцца да літаратурнай антрапанімікі. Існуюць працы па функцыянаванні тапонімаў у мастацкім тэксце, астатнія ж разрады імёнаў уласных разглядаюцца дастаткова рэдка. Так, В. А. Ніканаў адзначаў, што “імёны ўласныя літаратурных персанажаў могуць разглядацца толькі ў іх суадносінах з некалькімі сістэмамі: 1) антрапанімічнай сістэмай эпохі, перыяду, адлюстраванага ў творы; 2) антрапанімічнай сістэмай, сучаснай аўтару; 3) стылем твора; 4) з літаратурнай традыцыяй ужывання імён персанажаў, прычым кожная з гэтых сістэм зменлівая” [113, с. 412].

Выдзяленне літаратурнай анамастыкі ў самастойную навуковую дысцыпліну прадугледжвае замацаванне за ёй неабходнай сістэмы тэрмінаў, суадносных з яе спецыфікай, а таксама вызначэнне асноўнага тэрміна. Традыцыйна пры аналізе ўласных імён у мастацкай літаратуры і персаніфікацыі мастацкага вобраза ўжывалі тэрмін імя або імя ўласнае. У дачыненні да мастацкіх тэкстаў тэрмін канкрэтызаваўся: імя дзейнай асобы, імя літаратурнага персанажа, імя персанажа. В. А. Ніканаў дае наступнае азначэнне імю дзейнай асобы: “Імя персанажа – адзін са сродкаў, якія ствараюць мастацкі вобраз, яно можа характарызаваць сацыяльную прыналежнасць персанажа, перадаваць нацыянальны і мясцовы каларыт, а калі дзеянне адбываецца ў мінулым, то ўзнаўляць гістарычую праўду (ці разбураць яе, калі імя выбрана насуперак праўдзе)” [114, с. 234]. Звяртае на сябе ўвагу, што ў даным азначэнні прызнаецца толькі цесная сувязь імені ўласнага з грамадствам і грамадскімі ўмовамі, але не ўлічваецца яго спецыфіка ў структуры мастацкага тэксту як самастойнай адзінкі. Доўгі час дамінуючым тэрмінам для абазначэння імён уласных у мастацкім тэксце быў тэрмін літаратурны антрапонім, які ўказвае на “ўсе без выключэння ўласныя імёны, якія называюць персанажаў” [138, с. 152]. У свой час М. В. Карпенка пад літаратурнымі антрапонімамі разумела толькі ўласныя імёны, створаныя аўтарам. Выключаліся ўласныя імёны рэальных гістарычных асоб, якія выкарыстоўваюцца ў мастацкіх творах у якасці асабовых імёнаў персанажаў [66, с. 24]. Гэтае абмежаванне пазней было знятае. Літаратурным антрапонімам сталі называць усе імёны ўласныя пры намінацыі персаніфікаваных мастацкіх вобразаў. Пры аналізе ў мастацкім тэксце тапонімаў, заонімаў адпаведна сталі ўжываць тэрміны літаратурны тапонім, літаратурны заонім. Аднак неабходны быў універсальны тэрмін, суадносны з усімі разрадамі імён уласных у мастацкім тэксце. Для літаратурнай анамастыкі такім тэрмінам з’яўляецца паэтонім. У “Слоўніку анамастычнай тэрміналогіі” даецца наступнае тлумачэнне: “Паэтычнае імя (паэтонім) – імя ў мастацкай літаратуры, якое мае ў мове твора акрамя намінатыўнай характарыстычную, стылістычную і ідэалагічную функцыі. Як правіла, адносіцца да катэгорыі прыдуманых імён, але часта пісьменнікам выкарыстоўваюцца рэальна існуючыя імёны ці камбінацыя тых і іншых” [125, с. 108]. Пры відавой канкрэтызацыі імён уласных у мастацкіх тэкстах апраўдана выкарыстанне тэрмінаў паэтычны антрапонім, паэтычны тапонім, паэтычны заонім.

Важнай навуковай праблемай з’яўляецца вызначэнне паняційнасці, ці сэнсавага зместу, імён уласных увогуле і паэтонімаў у прыватнасці.

Існуюць розныя навуковыя абгрунтаванні наяўнасці ці адсутнасці ў імён уласных сэнсавага зместу, значэння. Гісторыя пытання раскрыта ў манаграфіі А. В. Суперанскай “Агульная тэорыі імені ўласнага” [148]. У прыватнасці, пры вызначэнні сэнсавага зместу ўласных імён выдзелены наступныя падыходы.

  1. Імёны ўласныя не валодаюць лексічным значэннем, што прынцыпова адрознівае іх ад лексічна значных апелятываў (Дж. Ст. Міль, В. Расэл, А. Гардзінер, А. А. Рэфармацкі і інш.). Асноўнай функцыяй імён уласных трэба лічыць назыўную, намінатыўную. Уласныя імёны толькі называюць дэнатат, але не прыпісваюць яму ніякіх уласцівасцяў, таму што наяўнасць значэння рабіла б онімы менш празрыстымі.
  2. Імёны ўласныя валодаюць значэннем, але толькі ў маўленні, у той час як на ўзроўні мовы яны разглядаюцца як семантычна пустыя знакі. (А. Есперсен, А. Петэрсан, Е. Курыловіч, А. А. Уфімцава, Н. Д. Аруцюнава).
  3. Імёны ўласныя надзелены значэннем як у мове, так і на ўзроўні маўлення, але гэтае значэнне адрозніваецца ад значэння агульных назоўні-каў (Л. У. Шчэрба, А. А. Суперанская, С. Д. Канцэльсон і інш.) [148, с. 25].

У мастацкіх тэкстах паэтонімы захоўваюць тыя ж прыметы, якія ўласцівыя ўсім уласным імёнам на ўзроўні мовы і маўлення. У той жа час ёсць і прынцыповае адрозненне. Паэтонімы функцыянуюць ва ўмовах спецыфікі мастацкага тэксту, выконваючы аўтарскую задуму ў рэалізацыі ідэйна-эстэтычных і іншых задач, што дае падставу гаварыць аб актуалізацыі іх стылістычных і іншых магчымасцяў на зместавым узроўні. У мастацкім тэксце паэтонімы ў значнай ступені збліжаюцца па сваіх функцыянальных характарыстыках з агульнымі назоўнікамі мастацкага твора. Змест, ці значэнне, паэтонімаў уяўляе складаны комплекс лінгвістычных і экстралінгвістычных характарыстык. Увесь зместавы бок паэтонімаў павінен разумецца праз мастацкае апісанне дэнатата (вобраза) у тэксце. У адрозненне ад апелятыва, звесткі пра імёны ўласныя, у тым ліку і паэтонімы, прадугледжваюць веданне спадарожных дадзеных, такіх, напрыклад, як асаблівыя матывы іменавання, гісторыя імені, этымалогія яго асновы і інш. З улікам стылістычнай функцыі паэтонімы вельмі блізкія да імёнаў уласных на ўзроўні маўлення. Яны надзелены энцыклапедычнай інфармацыяй, якая ўяўляе сабой  пазамоўныя звесткі пра дэнатат імені ўласнага. У той жа час маўленчая інфармацыя ўстанаўлівае сувязь імені з яго носьбітам, сацыяльнае поле дэнатата і яго імені і выяўляе адносіны моўцы да іменаванага [154, с. 121]. Значэнне паэтонімаў складаецца з тых звестак, якія выяўляюцца пры выражэнні імі стылістычных функцый, адначасова падпарадкоўваючы маўленчую, энцыклапедычную і моўную інфарматыўнасць імені, што дае падставы гаварыць аб наяўнасці ў паэтонімаў значэння.

Дэнататамі паэтонімаў выступаюць выдуманыя (ідэальныя), створаныя ўяўленнем аўтара вобразы, за якімі замацоўваюцца па волі пісьменніка індывідуальныя ўласныя імёны. Іх сэнсавы змест можа быць зразумелы з улікам канкрэтнага мастацкага твора, таму паэтонімы трэба лічыць знакамі асаблівага, штучнага ўтварэння, створанымі аўтарам і ўспрынятымі чытачом [2, с. 159].

Уласныя імёны, якія з’яўляюцца складнікам літаратурных тэкстаў, усё часцей становяцца прадметам даследавання лінгвістаў. Разуменне важнай ролі  ўласных імёнаў ў кампазіцыйна-фабульнай структуры мастацкага твора як сродкаў сацыяльнай, нацыянальнай, рэгіянальнай ідэнтыфікацыі персанажаў твораў, як  рэпрэзентанта асобасна-аўтарскага бачання карціны свету  стала штуршком да актывізацыі навуковых пошукаў у гэтым кірунку  ў Беларусі.

У выступленні на Міжнароднай канферэнцыі “Беларуская анамастыка: гісторыя і сучаснасць” 20 красавіка 2010 года прафесар В. В. Шур адзначыў: “У наш час без перабольшвання можна гаварыць пра асобны, новы навуковы напрамак у беларускім мовазнаўстве ў даследаванні анамастыкону, аспекты якога пачалі аналізавацца не толькі ў артыкулах, але і ў манаграфіях, падручніках” [173, с. 24].

Сучасныя беларускія вучоныя плённа працуюць у рэчышчы літаратурнай анамастыкі.

А. Ф. Рогалеў у грунтоўным дапаможніку “Ономастика художествен-
ных произведений” [132] прадставіў агляд агульных пытанняў паэтычнай анамастыкі, акрэсліў накірункі анамастычных даследаванняў, аб’ект вывучэння паэтычнай анамастыкі, паказаў ролю загалоўка ў раскрыцці тэмы і ідэі твора, на прыкладзе твораў рускай класікі прадставіў класіфікацыю тыпаў загалоўкаў, вызначыў віды літаратурных антрапонімаў паводле ступені семантычнай актыўнасці: нейтральныя, гаваркія (празрыстыя) імёны і імёны з падтэкстам (імёны-алюзіі). Кожны з прыведзеных тыпаў быў праілюстраваны прыкладамі з фальклору, рускай класічнай і сучаснай літаратуры. На самастойную  працу ў галіне вывучэння паэтычнай анамастыкі скіраваны прапанаваныя ў дапаможніку практыкаванні, арыентаваныя на разгляд паэтонімаў як неад’емнай часткі створаных пісьменнікам мастацкіх вобразаў і ідэйнага зместу твораў.

Анамастычная прастора твораў фальклору і рускай класікі, разгледжаная ў дапаможніку А. Ф. Рогалева “Имя и образ: художественная функция имён собственных в литературных произведениях и сказках” [131], паказала асноўныя этапы развіцця рускай паэтычнай анамастыкі (літаратурнай антрапаніміі і літаратурнай тапаніміі). Дапаможнік арыентаваны на міжпрадметныя сувязі. Мастацкія функцыі паэтонімаў і іх тыпы былі даследаваны ў суаднесенасці з ідэйна-тэматычным зместам твораў, светапоглядам пісьменнікаў, а таксама з заканамернасцямі пісьменніцкай творчасці ў рэчышчы таго ці іншага літаратурнага напрамку (класіцызму,  сентыменталізму, рамантызму).

Дасягненні беларускай літаратурнай анамастыкі звязаны з іменем прафесара Мазырскага дзяржаўнага ўніверсітэта доктара філалагічных навук Васіля Васільевіча Шура.

Шэраг дапаможнікаў Васіля Шура [174–176; 183] адрасаваны настаўнікам, вучням, магістрантам. У кнігах прадстаўлены найбагацейшы фактычны матэрыял пра гісторыю і сучаснасць беларускага іменаслову: асабовых імёнаў, прозвішчаў, мянушак, псеўданімаў, тапонімаў. Асобны раздзел у названых дапаможніках прысвечаны функцыянаванню імёнаў і прозвішчаў у фальклоры і мастацкіх творахЯкуба Коласа, Сяргея Панізніка, Уладзіміра Верамейчыка, Івана Мележа, Івана Навуменкі і інш. Для замацавання тэарэтычнага матэрыялу па анамастыцы прапануюцца пытанні для самаправеркі.

Манаграфія “Анамастычная лексіка ў беларускай мастацкай літаратуры” [172] прысвечана апісанню функцый асабовых уласных імёнаў, прозвішчаў, мянушак, тапонімаў, псеўданімаў у творах Якуба Коласа, Міхася Лынькова, Кандрата Крапівы, Змітрака Бядулі, Івана Мележа, Віктара Казько, Георгія Юрчанкі, Уладзіміра Караткевіча і іншых аўтараў. Даследчыкам выяўлены канатацыйны патэнцыял онімаў-загалоўкаў, зроблена апісанне спосабаў увядзення паэтонімаў у мастацкі тэкст, разгледжана спецыфіка ўтварэння некаторых беларускіх псеўданімаў.

У манаграфіі “Онім у мастацкім тэксце” [178] было прадстаўлена комплекснае апісанне мастацка-эстэтычнай роліі лінгвістычных функцый паэтонімаў у творах Якуба Коласа, Фёдара Янкоўскага, Генрыха Далідовіча, Алеся Пісьмянкова і іншых пісьменнікаў. У даследаванні былі выяўлены і сістэмна апісаны семантыка-стылістычныя асаблівасці онімаў у мастацкіх творах розных жанраў, устаноўлены тыповыя асаблівасці і заканамернасці функцыянавання онімаў у аспекце камунікатыўна-прагматычнай арганізацыі мастацкага тэксту; вызначана роля ўзуальных і аказіянальных сродкаў у стварэнні канатацыйных значэнняў паэтонімаў,  выяўлены заканамернасці і асаблівасці ў выбары пісьменнікамі кантэкстуальных сродкаў у фарміраванні анамастычнай прасторы твора, а таксама семантыкі і стылістычнай канатацыі онімаў, апісаны з’явы апелятывацыі, анімізацыі і этымалагізацыі ў анамастычных адзінках мастацкага тэксту, выяўлены спосабы ўвядзенняанамастычных адзінак у мастацкі тэкст.

У аснову манаграфіі “Уласнае імя ў мастацкім тэксце” [181] пакладзена апісанне анамастыкону асобных твораў Якуба Коласа, Андрэя Мрыя, Уладзіміра Верамейчыка, Фёдара Янкоўскага. На матэрыяле анамастычнай прасторы твораў беларускіх пісьменнікаў былі прааналізаваны онімы як алюзійныя кампаненты мастацкага тэксту, разгледжана сацыяльная дыферэнцыяцыя прозвішчаў літаратурных герояў, акрэслены асаблівасці канатаніміі ў мастацкіх творах, прааналізавана кантамінацыя як сродак стварэння паэтонімаў, двайныя прозвішчы-характарыстыкі персанажаў, гаваркія онімы і онімы з падтэкстам як складнікі анамастыкону мастацкага тэксту. У манаграфію ўвайшлі рэцэнзіі на працы беларускіх анаматолагаў А. А. Іванова “Микротопонимия Мозырского Полесья”, Г. М. Мезенка “Віцебшчына ў назвах вуліц”, Л. Лыча “Назвы зямлі беларускай”.

У манаграфіі “Слова ў мастацкім кантэксце: онімы, метафары” [180] былі разгледжаны асаблівасці анамастыкону твораў Івана Навуменкі, Уладзіміра Верамейчыка, Фёдара Янкоўскага і інш. Паэтонімы былі прааналізаваны як нацыянальна-культуралагічны кампанент мастацкіх твораў. Даследаванне анамастыкону твораў беларускіх класікаў паказала, што “літаратурныя онімы, апрача сваёй асноўнай ідэнтыфікуючай (назыўной) функцыі, нярэдка валодаюць канатацыйным значэннем, выяўленне якога звычайна дасягаецца падрабязным аналізам шырокага кантэксту, фактамі творчай біяграфіі мастака слова, веданнем жыццёвага лёсу прататыпаў яго літаратурных персанажаў, часам і глыбокім разуменнем літаратурнага працэсу ў перыяд стварэння мастацкага твора” [180, с. 18]. Манаграфія ўключае цікавы матэрыял пра ролю музеяў Мазыршчыны ў фарміраванні патрыятызму.

У манаграфіі “Уласнае імя ў соцыуме і мастацкім тэксце” [182] былі комплексна прааналізаваны функцыі і роля онімаў у грамадстве і ў мастацкіх творах. Аўтарам быў праведзены грунтоўны агляд даследаванняў беларускай літаратурнай анамастыкі; разгледжаны мянушкі персанажаў і загалоўкі ў творах беларускай мастацкай літаратуры; прааналізавана адлюстраванне малой радзімы ў анамастыконе мастацкіх твораў пісьменнікаў; акрэслены прыём набілізацыі онімаў у соцыуме і ў мастацкай творчасці. Важнай часткай манаграфіі з’яўляецца  аналіз выкарыстання краязнаўчага матэрыялу ў школе і ВНУ. Грунтоўна і натхнёна апісаў Васіль Шур – навуковец, пісьменнік, патрыёт – уласныя імёны роднай Мазыршчыны.

У зборніку “Малая і вялікая радзіма ў анамастыконе пісьменнікаў” В. В. Шура і В. Слівец [177] разглядаецца іменаслоў твораў Івана Навуменкі, Івана Шамякіна, Фёдара Янкоўскага, Якуба Коласа, Івана Мележа. Увага даследчыкаў акцэнтуецца на рэгіянальных онімах, праз якія “асацыятыўна перадаюцца мясцовыя канатацыі, лакальны каларыт, на які нярэдка накладваюцца гістарычныя, культуралагічныя асацыяцыі” [177, с. 5]. У даследаванні акрэсліваецца мэта анамастычнай мастацкай рэгіяналістыкі, якая заключаецца ў “апісанні, па-мастацку прадуманым адборы, творчым тлумачэнні і супастаўленні паэтонімаў як тэкстаўтваральных кампанентаў, мастацкіх сродкаў у выяўленні майстэрства пісьменнікаў пры інтэрпрэтацыі фактаў і рэалій малой радзімы мастакоў слова” [177, с. 10]. Аўтары даследавання пераканаўча даказваюць, што праз рэгіянальныя асаблівасці анамастыкону мастацкіх тэкстаў, праз ужыванне назваў малой радзімы пісьменнікаў, праз этнаграфічныя замалёўкі, уключаныя ў творы, перадаюцца асаблівасці матэрыяльнай і духоўнай культуры землякоў. У літаратурных тапонімах, выкладзе фактаў біяграфіі пісьменнікаў “выразна актуалізуюцца апасродкавана-асацыятыўныя асаблівасці малой радзімы, навеяныя ўспамінамі мастакоў пра вядомых у наваколлі асоб, гістарычнымі падзеямі, уражаннямі дзяцінства. Такія рэальныя онімы малой радзімы пісьменнікаў выступаюць як індывідуальныя моўныя элементы, што пранізваюць усю структуру мастацкага твора і вызначаюць узаемасувязь і ўзаемадзеянне ўсіх кампанентаў тэксту” [177, с. 156].

Паэтонімы як вобразна-выяўленчы сродак у структуры  мастацкіх твораў беларускай класікі былі разгледжаны В. А. Ляшчынскай [93],                      А. К. Усціновіч [161], Г. І. Басавай [12; 13], Г. М. Саланковай [135],  В. В. Струкавым [144], Н. П. Лобань [88; 89], І. М. Зуевай [58; 59],  З. У. Шведавай [169; 170]. Аналіз паэтонімаў мастацкіх тэкстаў сучасных беларускіх пісьменнікаў правялі М. М. Макарэвіч [95], Г. П. Валынец [27], І. М. Цярэнцьева [167]. Антрапанімікон беларускай народнай казкі прааналізаваны Л. І. Хрышчановіч [165]. 

У 2003 годзе была абаронена дысертацыя І. М. Петрачковай “Значнасць імя ўласнага ў мастацкім тэксце (на матэрыяле сучаснай рускай прозы)” [119]. У працы прадстаўлена комплекснае апісанне анамастыкону твораў сучаснай рускай прозы, што з’яўляецца неад’емным элементам ідэйна-тэматычнага зместу мастацкага тэксту. Аўтаркай дысертацыі быў сістэматызаваны анамастычны матэрыял з улікам функцыянальнай значнасці, унутранай формы, ступені семантычнай актыўнасці, прыёмаў стварэння паэтонімаў; устаноўлена словаўтваральная структура паэтонімаў і роля кораня і афіксаў у фарміраванні семантыкі і стылістычнай канатацыі імёнаў уласных. Былі выяўлены прыёмы стварэння паэтонімаў, якія валодаюць рознай ступенню семантычнай актыўнасці, высветлены асноўныя заканамернасці ў выбары анамастычных сродкаў сучаснымі аўтарамі, якія працуюць у такіх сюжэтна-стылявых накірунках, як сацыяльны раман, фантастыка, гістарычная проза, дэтэктыўная літаратура і палітычны раман. Выяўлены асноўныя кампаненты паэтыкаанамастычнай функцыі ў творах, якія адрозніваюцца жанравай спецыфікай. Аўтаркай дысертацыі была распрацавана схема сістэмнага падыходу да вывучэння імёнаў уласных у мастацкім тэксце. Зварот да анамастычнага матэрыялу сучаснай прозы дазволіў выявіць аўтарскія прычыны ўтварэння і ўжывання розных тыпаў паэтонімаў, высветліць заканамернасці выканання паэтонімамі намінатыўна-дыференцыйнай і мастацка-выяўленчай функцый і акрэсліць адметнасць прамагаваркіх, ускоснагаваркіх паэтонімаў, схаванагаваркіх імёнаў і імёнаў-алюзій. І. М. Петрачкова даследавала жанраўтваральную ролю паэтонімаў у гістарычнай прозе [118; 121] і драматургіі [120; 122; 123] сучасных пісьменнікаў.

У 2014 годзе Г. В. Юдзянкова абараніла кандыдацкую дысертацыю “Антрапанімікон мовы твораў беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя: структура, семантыка, паходжанне” [186]. Даследчыцай разгледжана паэтанімія твораў беларускіх пісьменнікаў ХІХ стагоддзя, якая рэпрэзентуе шырокія і разнастайныя магчымасці для вывучэння саставу, ступені ўжывальнасці і спецыфікі функцыянавання рэальнай беларускай антрапанімічнай сістэмы гэтага часу. Дысертацыйныя працы такога шырокага супастаўляльнага характару (матэрыялам даследавання стаў антрапанімікон твораў Ф. Багушэвіча, Я. Баршчэўскага, А. Гурыновіча, В. Дуніна-Марцінкевіча, К. Каганца, В. Каратынскага, Я. Лучыны, Я. Чачо-та і інш.) у айчынным мовазнаўстве фактычна адсутнічаюць. На падставе аналізу антрапанімікону твораў розных жанраў было ажыццёўлена комплекснае апісанне мастацкай ролі ўласных імёнаў персанажаў у творах беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя, у якой антрапонімы ўжываюцца ў якасці вобразнага, характарыстычнага, культуралагічна насычанага моўнага сродку. Аўтарка прадставіла агляд тэарэтычных аспектаў, звязаных з гісторыяй станаўлення літаратурнай анамастыкі, вызначэннем спецыфічнага статусу, семантыкі оніма з улікам асаблівасцяў яго функцыянавання ў мастацкім тэксце. Г. В. Юдзянкова разгледзела розныя падыходы да тэрмінавызначэння анамастычных адзінак у мастацкім творы. Антрапанімічны фонд мастацкай літаратуры ХІХ стагоддзя быў асэнсаваны з пазіцыі прыналежнасці ўласных імёнаў да пэўных лексіка-семантычных класаў, марфалагічнай структуры, рэальнасці-нерэальнасці, вядомасці-невядомасці іх дэнататаў. Г. В. Юдзянкова разгледзела асноўныя палажэнні тэорыі прэцэдэнтнасці ўласнага імені, акрэсліла крытэрыі прэцэдэнтнасці, прадставіла навуковыя погляды на функцыі паэтонімаў у мастацкім тэксце. Цікавасць уяўляе прадстаўленае ў дысертацыі даследаванне структурна-семантычнай арганізацыі антрапаэтонімаў, якія адлюстроўваюць асноўныя тэндэнцыі беларускага традыцыйнага іменавання. У дысертацыі была праведзена класіфікацыя прэцэдэнтных антрапонімаў паводле сферы-крыніцы культурных ведаў. У шэрагу артыкулаў па літаратурнай анамастыцы Г. В. Юдзянкова прааналізавала анамастыкон фальклорных твораў і твораў класікаў беларускай літаратуры [187–192].

У вучэбна-метадычным дапаможніку Г. М. Дзеравяга “Імя ўласнае ў мастацкім тэксце” [60] акрэслены актуальныя пытані паэтычнай анамастыкі (узаемадзеянне імені і тэксту, семантыка імя ўласнага і інш.), апісаны семантыка-функцыянальныя асаблівасці выкарыстання онімаў у паэтычным тэксце ХХ стагоддзя (у творах М. Гумілёва, В. Мандэльштама, І. Бродскага, Б. Пастэрнака і інш.). Студэнту прапанавана сістэма тэставых і творчых заданняў, накіраваных на самастойнае даследаванне складнікаў анамастыкону мастацкага тэксту.

Адзін з раздзелаў вучэбнага дапаможніка “Беларуская антрапанімія”, складзенага віцебскімі навукоўцамі на чале з прафесарам Г. М. Мезенка [14], прысвечаны антрапанімікону мастацкага тэксту. У раздзеле вызна-чана сутнасць тэкставых антрапонімаў, даецца паняцце антрапанімнага поля, вызначаны тэкставыя функцыі паэтонімаў. Для замацавання тэарэтычнага матэрыялу прапануюцца практыкаванні на аналіз структуры, семантыкі, тэкставай ролі антрапонімаў у творах беларускіх пісьменнікаў.

Даследчыкамі беларускай літаратурнай анамастыкі створаны слоўнікі ўласных імёнаў мастацкіх твораў беларускіх пісьменнікаў: “Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа” [1], шосты том “Слоўніка мовы Янкі Купалы”[140], трэці том “Слоўніка мовы Скарыны” [139]. Слоўнікі змяшчаюць тлумачэнне паэтонімаў твораў беларускіх класікаў, раскрываюць іх семантыку і кантэкстуальныя функцыі.